Скандалы ў ПЭН, Курапаты, выбары: новае ў палітыцы ўладаў і крызіс апазыцыі

08 ноября 2019
Iгар Тышкевiч
Политика

На першы погляд, датэрміновыя выбары Палаты прадстаўнікоў на фоне жаданьня ўладаў прадэманстраваць, прынамсі, бачнасьць дэмакратычнага працэсу, маглi бы ажывіць палітычнае жыцьцё.

У рэальнасьці, можна канстатаваць - бягучая кампанія ёсьць самай кволай і сумнай за апошнія гады.

Прычына, як не парадаксальна, не ў ціску ўладаў. Яна ў паводзінах апазыцыйных партый і рэакцыі СМІ на падзеі. Па вялікім рахунку, ТОП тэмамі часьцяком станавіліся абсалютна ідыёцкія канфлікты вакол ПЭН-цэнтру, вечная ды няспынная валтузьня вакол "Бульбаш Хола" і... інфармацыйныя нагоды, якія дарылі праўладныя кандыдаты.

Можа мэдыя ня так рэагавалі? Не. Усё нармальна, проста калі палітыкі йдуць на выбары не дзеля перамогі ці рэалізацыі сваіх задач, а з мэтаю паказаць што яны яшчэ жывыя - гэта сумна. Матыў прадэманстраваць існаваньне ўласнае партыі, апроч іншага сьведчыць пра глыбокі крызыс самое партыйнае каманды, няўменьне паставіць перад сабою рэальныя і пры гэтым важныя задачы.

Натуральна, на гэтым актывісты апазыцыйных структураў заявяць, што выбары - гэта шанец, маўляў, маем доступ да людзей.

Змагацца за права казаць да людзей варта калі ты маеш што сказаць

Ок. Тады давайце паглядзім на сытуацыю ў комплексе. Мець доступ да людзей трэба дзеля таго, каб ім нечага сказаць. Палітычная партыя, тэарэтычна, хоча прыйсьці да ўлады каб рэалізаваць свае задумы на палітыку дзяржавы. Гэтыя задумы называюцца "праграмай партыі", галасуюцца на зьездах. І тут цікава з чым (тэарэтычна) выходзяць палітычная стуктуры да насельніцтва.

Не паленаваўся і прайшоўся па сайтах асноўных апазыцыйных гульцоў. Праграмы ёсьць, але у пераважнай большасьці гэта ці часткова крыху прычэсаныя старыя напрацоўкі, альбо наогул канспэкты дзесяцігадовае даўніны..

  • Праграма БСДП НГ - праграма, напісаная Статкевічам у 2013 годзе. Зараз 2019
  • Праграма Партыі БНФ - праграма 2002 году. Асобна ёсьць "праграма Костусева" 2019.
  • БХД - праграма 2015 году.
  • Рух за свабоду - дапрацаваная "народная праграма"
  • Праграма АГП.  Варта адзначыць, адна з самых "сьвежых" - 2018 год. Там нават ёсьць дастаткова грунтоўны візійны разьдзел.
  • БНК і Еўрапейская Беларусь - тут наогул сумна. За ўсё добрае супраць усяго паганага.

Такі стан рэчаў, прынамсі, падаецца дзіўным, бо за апошнія 4-5 год занадта шмат чаго зьмянілася ў сусьветнай, рэгіянальнай эканоміцы ды палітыцы. Напрыклад, паскораныя тэмпы росту эканомік краін-суседзяў прыводзяць да ўсё больш агрэсіўнае міграцыйнае палітыкі. Зьяўленьне новых бізнэсаў, глабальныя зьмены эканамічнага ўкраду, імклівы рост кошту тэхналёгій і тэхналягічнай базы дзяржаваў прымушаюць думаць над уласным месцам  у сыстэме, што будуецца сёньня. Але, нават, калі адыйсьці ад далёкага візіянэртсва, зірнуць на пэрспэктыву 3-4 год, можна пабачыць перадумовы для наступнага сусьветнага эканамічнага крызысу. 3-4 гады - якраз час кадэнцыі парлямэнту. У рэшце рэшт, калі пачытаць даклады таго ж Валдайскага клюбу, выступы ключавых спікераў у РФ, можна зрабіць высновы пра карэкцыю расейская палітыкі, якая пачынаецца ўжо цяпер. Ці вартае гэтае, прынамсі згадкі ў партыйных праграмах? Большасьць партыйных лідэраў лічаць, што не.

Ок. З гэтым разабраліся, але пытаньне ў іншым. Калі ёсьць праграма, ёсьць набор ключавых тэзаў, зь якімі можна выходзіць да выбаршчыка. Але, не да ўсіх агулам, а да пэўных мэтавых групаў.

І вось з гэтым бяда

1. Няма разбору на тэзы. Значная частка партый проста вядзе гаворку агулам - супраць крывавага рэжыму альбо саўка. Разумею падыход, але калі насельніцтва камфортна сабе адчувае ў існай сыстэме, можна працаваць па адным з двух кірункаў:

- выводзіць з зоны камфорту, паказваючы негатыўную дынаміку. Гэта мабілізацыя супраць

- паказваць альтэрнатыву, маўляў, зараз вам "адносна ок", але можна лепей.

І тут тэзы важныя.

2. Але, апроч тэзаў за ёсьць і такая штука як выбар мэтавай групы. Умоўна кажучы, сказаць сабе самому "хто мой выбаршчык" - які ягоны ўзрост, род заняткаў, інтарэсы. І ключавыя тэзы скіроўваць менавіта на іх, "забіраючы сваё". Прычым рабіць гэта можна, і да выбараў, і ў міжэлектраральны час. Калі ведаеш на каго працуеш - ведаеш што данесьці і, самае галоўнае, якім чынам.

Па гэтым альгарытме, дарэчы. спрацавала каманда Зяленскага і, пазьней, каманда Вакарчука. Ды й нават Пётр Парашэнка са сваёй партыяй яскрава абраў кансэрватыўны электарат Захаду і цэнтру краіны ў якасьці свайго базавага. Таму, дарэчы, столькі ўвагі надавалі рэлігійным тэмам, пытаньням перайменаваньняў і г.д.

У Беларусі, на жаль, я пакуль не пабачыў спробаў вызначыць "на каго працуем". І гэта бяда, бо ва ўмовах браку мэдыйнага рэсурсу цяжка спадзявацца на магчымасьць данесьці "да шырокіх мас" дэталі свайго бачаньня будучыні дзяржавы.

І вось на гэтым падыходзім да мэдыйнага рэсурсу старога ўзору. Колькасьць умоўна апазыцыйных СМІ ў Беларусі не такая вялікая, адпаведна, у ключавыя моманты ты маеш максымальна рацыянальна выкарыстаць тое, што маеш. Спадзявацца на дзяржаўныя мэдыя не выпадае - гэта можа быць дадатковым бонусам, але не больш за тое.

Асаблівасьці агітацыйнае кампаніі: цікавосткі ад уладаў на выбарах

Але, на гэтых выбарах улада вельмі добра зачапіла частку апанэнтаў, падвесіўшы іх на скандальныя тэмы. Напрыклад возьмем, кейс Курапатаў. Яшчэ у сакавіку 2016 году, падчас намётавага гарадку я пісаў, што ўлады будуць ўводзіць гэтыю тэму у сваю ідэалягічную матрыцу. Прывяду цытату з таго тэксту: "Таму далейшым лагічным крокам мае стаць «усенародны характар» барацьбы за Курапаты. Збор сродкаў, абвечшаны «Советской Белоруссіей» рана ці позна пачнецца. Я не зьдзіўлюся дзесятку-другому круглых сталоў і працоўных групаў (у тым ліку на ўзроўні адміністрацыі прэзыдэнта) па добраўпарадкаваньню Курапатаў ды стварэньню «нацыянальнага мэмарыялу».

Я не буду надта зьдзіўленым калёнам БРСМ з рыдлёўкамі ды граблямі, што прыйдуць ва ўрочышча на «ленінскі суботнік».

І тым болей я не зьдзіўлюся таму, што Курапаты рана ці позна наведае сам Лукашэнка. Будзе казаць пра важнасьць гістарычнай памяці ды павагі да ўласных продкаў."

У прынцыпе, дзяржава атрымала сваё. І цяпер Курапаты ня ёсьць тэмай выключна апазыцыйнае палітыкі. Акцэнты зьмешчаныя. На гэтым падыходзім да другой крызы - пікетаваньня вакол "Падзем Паядзім". Дзяржава ўдала падвесіла частку апазыцыі на гэтую тэму, ствараючы баланс ціскам, па чарзе падціскаючы то пратэстоўцаў, то ўладальнікаў рэстарацыі. Пры гэтым, ініцыятары варты патрапілі ў мэдыйную пастку. Выйсьці з кампаніі можна хоць сёньня, але з іміджавымі стратамі: пастаялі ўпустую. Балазе, дзяржаўная агітацыйная машына можа скарыстаць выхад, кажучы, што апазыцыя не здолела дасягнуць нават малага, калі ёй, быццам бы ніхто не замінаў. Можна ўзмацніць эфэкт за кошт вырашэньня пытаньня з рэстарацыяй. Напрыклад, перадачай часткі памяшканьняў пад мэмарыял ці для разьмяшчэньня адміністрацыі мэмарыялу (такую можна лёгка стварыць). Тады падвойны эфэкт - апазыцыя не здолела, ўлада зрабіла, дамовілася.

Не выходзіць - маеш увесь час гаварыць на гэтую тэму. І тут ўзгадаем, што мэдыйны рэсурс абмежаны. Гэта азначае, што ў часе выбарчай кампаніі, калі патрэбна папулярызаваць тэзы ўласнага бачаньня будучыні, уласнае праграмы, ты добрую палову магчымасьцяў выдаткоўваеш на падтрымку кампаніі пікетаваньня.  Адпаведна, ты не данёс сваю думку да патэнцыйных прыхільнікаў, не забясьпечыў прыход новых людзей, застаўся ў рэзэрвацыі.

Ці можна перамагчы, ці пайсьці на кампраміс? Да прэзыдэнцкіх выбараў, мусіць, не - вельмі ж удала для каманды Лукашэнкі склаўся стан рэчаў, калі значная частка ягоных апанэнтаў загрузла ў тэме, марнуючы нават існыя магчымасьці ўласнае папулярызацыі. А тым часам, улада не замінае пакрыху разварочваць асьвятленьне тэмы рэпрэсій фармальна незалежнымі СМІ, як, напрыклад Тут.бай. Такім чынам, рана ці позна, напрыклад БРСМ ці "Белая Русь" будуць праводзіць наступныя шэсьці ў Курапаты. Прынамсі, я не буду зьдзіўлены, калі так будзе.

Але адной тэмы мала. І тут, у разгар агітацыйнае кампаніі вылазіць ўзорна-паказальны канфлікт вакол ПЭН-цэнтру. Я не буду спрабаваць стаць на той ці іншы бок, засяроджуся на мэдыйным і палітычным складніках. У коле беларускай нацыянальна-арыентаванай інтэлігенцыі адбыўся канфлікт, які з плошчы спрэчак вакол ідэяў перайшоў на міжасабовы ровень. Абодва бакі праявілі далёка не лепшыя свае якасьці, а ўсё гэтае актыўна абсмоктвалася ў СМІ і сацыяльных сетках. Такім чынам, патэнцыйныя кандыдаты ў дэпутаты змарнавалі яшчэ адну частку даступнага мэдыйнага рэсурсу і скампрамэнтавалі адно аднаго нават у вачох сваіх патэнцыйных прыхільнікаў. Бінго!

Есьць яшчэ адна акалічнасьць: падобныя канфлікты істотна зьніжаюць верагоднасьць  супольнае працы на наступнай электаральнай кампаніі.

Ёсьць яшчэ адна катэгорыя будучых палітыкаў - людзі, якія сталі папулярнымі на працягу апошніх год, дзякуючы масавым пратэстам, сацыяльным кампаніям ці проста разумнаму выкарыстаньню новых мэдыя (сацыяльныя сеткі, відэасэрвісы і г.д.). Тут таксама быў абкатаны новы мэханізм: калі раней улада намагалася не дапусьціць рэгістрацыі непажаданага кандыдата, то зараз маем адразу некалькі прыкладаў зьняцьця з перадвыбарчай гонкі. Дарэчы, тэма, дастойная асэнсаваньня апанэнтамі Аляксандра Лукашэнкі, але, на жаль, далей за канстатацыю факта і кволага абурэньня пакуль справа не пайшла.

І, нарэшце трэцяя асаблівасьць гэтага пэрыяду - дастаткова вялікая мэдыйная актыўнасьць умоўна праўладных кандыдатаў. Некаторыя зь іх актыўна пайшлі "у інтэрнэт" альбо працуюць "у палях", спрабуючы сфармуляваць пасылы да кожнай з групаў сваіх выбаршчыкаў ці, нават, проста прыцянгуць увагу. Але, нават гэта дробяць - ёсьць адразу некалькі акругаў, дзе два і болей прадстаўнікоў правячай эліты актыўна змагаюцца адзін з адным, у тым ліку, апрабуючы новыя метады і сродкі данясеньня інфармацыі. Абсалютна новая зьява і я не выключаю, што на гэтых акругах будзе нават адносна чэсны падлік галасоў, там будуць узорна-паказальныя ўчасткі з шырокім доступам назіральнікаў, СМІ, празрыстым ходам працэсу і падліку галасоў.

Абкатка адразу трох новых падыходаў улады гаворыць пра спробы атрымаць базу для аналізу  ў наступных накірунках:

  • праца паўнавартаснай агітацыйнай кампаніі кандыдатамі без адмінрэсурсу. Дагэтуль праўладныя кандыдаты не надта пераймаліся такой рэччу як арганізацыя нармальнай электаральнай кампаніі
  • магчымасьці данясеньня тэзаў з выкарыстаньнем новых медыя - сацыяльных сетак, відэасэрвісаў
  • вывучэньне магчымасьцяў і мэтадаў стварэньня кандыдатамі інфармацыйных нагодаў для СМІ. Тут, у першую чаргу цікавымі ёсьць кейсы, калі праўладны кандыдат зацікавіў незалежныя мэдыя, прычым з пазытыўнымі тэзамі
  • магчымасьць паралізаваньня працы апанэнтаў, зьмяншэньня іх мэдыйнай прысутнасьці за кошт уцягваньня ў доўгія кампаніі без бачных маркераў тактычных посьпехаў ды наўдачаў, альбо за кошт вынасу канфліктных выпадкаў ў публічную сфэру (зноў такі з дапамогай сацыяльных сетак).

Заўважу, што ўсё гэта йдзе на фоне актыўных размоваў пра магчымасьці трансфармацыі беларускай палітычнай сыстэмы з пашырэньнем уплыву палітычных партый. Таксама новыя варункі для апазыцыйных сілаў, на якія трэба зважаць, якія трэба аналізаваць і вывучаць.

Я не здзіўлюся, калі ў бліжэйшыя гады ў краіне зьявіцца адразу некалькі новых палітычных партый, прычым ня толькі праўладных. Частка атачэньня Лукашэнкі разумее згубнасьць фармату "Белай Русі" у яе цяперашнім выглядзе і дастаткова слабыя пэрспэктывы трансфармацыі гэтага руху у нармальную дынамічную палітычную партыю. Балазе, адной партыяй выбары не выйграюць, да таго ж досьвед суседніх краінаў гаворыць пра працэсы трансфармацыі грамадзтва, зьяўленьне новых сілаў. Таму для уладаў выгадным ёсьць зьяўленьне адразу некалькіх партыйных праектаў - умоўная "Белая Русь" для людзей сталага веку і кансэрватыўнай часткі выбаршчыкаў, лібэральнай, але не апазыцыйнай партыі для моладзі, сярэдняй клясы. Магчыма, захоп крайніх флагнаў палітычнага поля. Натуральна, што ў гэтай схеме старыя апазыцыйныя партыі крыху "лішнія".

А што па той бок барыкад

На жаль, падзагаловак пра "барыкады" сёньня слушны. Апанэнты Аляксандра Лукашэнкі збольшага праводзяць палітыку пад лёзунгам "ня так". Простае супрацьстаяньне, без аналізу актыўнасьці, зьмены рыторыкі са зьменаю сытуацыі. Гаворка ня йдзе пра адмову ад "апазыцыйнасьці", гаворка зноў-такі пра прапанову свайго, спробу задаць трэнды, тэмы для абмеркаваньня, а не рэагаваньне на тое, што робіць апанэнт. Бо, калі ты толькі рэагуеш - ты заўжды прайграеш. На жаль, гэта, у значнай меры справядліва для звыклых палітычных групаў у краіне.

З другога боку, зьявілася дастаткова шмат асобаў , якія не зьвязаныя фармальным сяброўствам у той ці іншай партыі, але на падставе адбудовы гарызантальных сувязяў, могуць брацца за дастаткова маштабныя праекты, ставіць перад сабою амбітныя задачы.  Некаторыя з гэтых людзей, дарэчы, па ўзроўню ахопу сваёй мэтавай аўдыторыі даюць фору ня толькі старым палітыкам, але і звыклым мэдыйным рэсурсам.

Фактычна мы назіраем ужо ўзгаданы працэс глябальнай трансфармацыі грамадзтва, толькі ў беларускім стылі. Гэта не азначае адыход у нішто старых структураў, проста ёсьць ужо вялікая доля насельніцтва, якія падзяляюць каштоўнасьці "старых дэмакратаў", але для якіх звыклыя палітычныя партыі, прамовы іх лідараў падаюцца замшэлым архаізмам.  То самае назіраем з боку часткі "аксакалаў адраджэнскага руху" - катэгарычнае неўспрыняцьцё "маладых ды рэзвых", якое мяжуе з парагдай. Гэта было заўважна падчас сьвяткаваньняў БНР і стала відавочным пры абмеркаваньнях крызысу у ПЭН-цэнты. Гаворка не пра тое ШТО думаюць розныя людзі, а пра тое ЯК яны думаюць, ЯК рэагуюць на тыя ці іншыя уводныя задачы.

Гэты водападзел, калі хочаце, палітычных пакаленьняў, па замоўчваньні ёсьць канфліктным. Але, раздзьмухваньне непаразуменьняў яшчэ больш аслабляе апанэнтаў Лукашэнкі. Старыя партыі і партыйныя групы дыскрэдытуюць сабе у вачох больш маладых выбаршчыкаў, а "новыя асобы" не атрымліваюць магчымасьцяў поўнаю мераю скарыстацца існым арганізацыйным патэнцыялам апазыцыі. У краіне са свабоднай палітычнай сыстэмай гэта ня так страшна - проста на пэўным моманце зьяўляюцца партыі кшталту ўкраінскіх "Голасу" ці "Слугі народу". У беларускіх варунках, калі свабодную сыстэму варта спачатку атрымаць, альбо, калі ўлада часткова пойдзе гэтым шляхам, скарыстацца магчымасьцю, такое непаразуменьне паміж пакаленьнямі толькі шкодзіць.


ThinkTanks.by может не разделять мнение авторов исследований и публикаций.

Поделиться: